7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спорт
у Беларусі мае значна большае значэнне, чым у іншых краінах. Такі пункт гледжання выказаў сёння на сумесным пасяджэнні калегіі Мінспорту і НАК па падвядзенні вынікаў выступлення беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.На думку Ігара Бузоўскага, вынікі неабходна разглядаць з пункту гледжання таго, колькі ўклала дзяржава ў падрыхтоўку да Гульняў і якія вынікі выступлення айчынных атлетаў. "На Алімпіядзе беларускай камандай заваявана 9 медалёў, яна заняла 30-е месца ў агульным заліку па колькасці і 40-е месца па якасці ўзнагарод. Аналіз выступлення атлетаў, вядома, пакідае шмат пытанняў: па інтэнсіўнасці працы, закладзенай матэрыяльна-тэхнічнай базе на наступны алімпійскі цыкл, выбудаванай сістэме спартшкол. Хацелася б больш канкрэтных прапаноў. Многія тэмы закраналіся ў ходзе пасяджэння, але неабходна ўносіць больш эфектыўныя змяненні ў падрыхтоўку атлетаў", - сказаў Ігар Бузоўскі.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаў, што асобныя федэрацыі і спартсмены пайшлі ў празмерную камерцыялізацыю спорту, які павінен суправаджацца сур'ёзным менеджментам, але фінансавыя інтарэсы не павінны ўплываць на дзяржаўныя задачы.
У вывады, якія былі зроблены на сумесным пасяджэнні Мінспорту і НАК, неабходна прыўнесці шмат новага. "Правільна заўважыў у сваім выступленні першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў, што многія пытанні, якія сёння закраналіся, абмяркоўваліся раней, але да гэтага часу не вырашаны", - падкрэсліў Ігар Бузоўскі.
На калегіі дзвюх спартыўных ведамстваў вынікі выступлення алімпійскай зборнай Беларусі на летняй Алімпіядзе ў Рыа прызнаны здавальняючымі. У бліжэйшы час пачне сваю дзейнасць рабочая група, створаная па даручэнні кіраўніка дзяржавы, якая дэталёва вывучыць стан справы ў галіне фізічнай культуры і спорту.