9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусы расказалі, што для іх значыць Дзень Перамогі. Даныя тэлефоннага сацыялагічнага апытання карэспандэнту БЕЛТА прывёў намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Сухоцкі.
Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі правёў з 27 сакавіка па 11 красавіка тэлефоннае апытанне насельніцтва "Грамадская думка аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, гістарычнай памяці". Выбарка - 902 рэспандэнты.
Рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: для вас Дзень Перамогі - гэта?
"Свята ветэранаў вайны" - так адказалі 48,7 працэнта апытаных, "Народнае свята для грамадзян Беларусі і іншых краін былога СССР" - 44 працэнты, "Дзень смутку па ўсіх загінулых" - 42 працэнты, "Афіцыйнае свята" - 33,7 працэнта, "Свята ўсіх краін антыгітлераўскай кааліцыі" - 22,9 працэнта.
"Тут, мне здаецца, расстаўлены правільныя акцэнты. Мы бачым, што прысутнічае не толькі радасць перамогі, але і смутак, разуменне ўкладу, цаны, якая была заплачана. Відавочна, што "народнае свята для грамадзян Беларусі і іншых краін былога СССР" значна перавышае пазіцыю "свята ўсіх краін антыгітлераўскай кааліцыі". І шмат у чым гэта звязана з усё частымі спробамі звонку навязаць беларускаму грамадству "альтэрнатыўны" наратыў і новыя інтэрпрэтацыі ваенных падзей. Таму менавіта сёння важна мець уласныя ідэалагемы гістарычнай палітыкі ў адносінах да Вялікай Айчыннай вайны, аргументавана і паслядоўна адстойваць праўду аб падзеях тых гадоў, беражліва захоўваць памяць аб подзвігу дзядоў і прадзедаў", - расказаў Мікалай Сухоцкі.
Акрамя таго, рэспандэнтам прапаноўвалася адказаць на пытанне: як вы звычайна праводзіце 9 Мая?
"Гляджу парад па тэлевізары або ў інтэрнэце" - 47 працэнтаў, "Гуляю па святочным горадзе, хаджу на салют" - 37,3 працэнта, "Збіраемся ў сямейным асяроддзі для ўшанавання памяці" - 32,6 працэнта, "Успамінаю родных, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях" - 29,1 працэнта, "Хаджу на парад" - 28,5 працэнта, "Хаджу да гістарычных мясцін (помнікі, музей ВАВ) - 20,3 працэнта, "Для мяне гэта звычайны выхадны" - 9,5 працэнта.
"Абсалютная большасць насельніцтва праводзяць Дзень Перамогі (9 Мая) у атмасферы ўсенароднага свята, з асаблівым пачуццём гонару, радасці і смутку. Беларусы ўзгадваюць пра падзеі тых гадоў, сваякоў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, з задавальненнем ходзяць на ваенныя парады і святочныя салюты, глядзяць дакументальныя і мастацкія ваенныя фільмы ў гэты дзень. Таксама для насельніцтва важны традыцыйныя міжпакаленчыя камунікацыі, - трэць рэспандэнтаў адзначылі, што збіраюцца ў сямейным асяроддзі для таго, каб ушанаваць памяць загінулых, якія ўнеслі вялікі ўклад у Перамогу. Кожны пяты ў Дзень Перамогі наведвае гістарычныя мясціны, помнікі, музеі, - дапоўніў намеснік дырэктара. - Шмат у чым менавіта гістарычная памяць фарміруе грамадства, яго каштоўнасныя арыенціры, патрыятычныя ўстаноўкі і асновы ідэнтычнасці. Важна, што ў беларусаў практычна адсутнічаюць міжпакаленчыя адрозненні ў ацэнцы падзей ВАВ, што сведчыць пра кансалідаваную пазіцыю па гэтым пытанні".