21 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуска-кітайскія культурныя сувязі дынамічна развіваюцца. Такі пункт гледжання выказаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, выступаючы 21 снежня на адкрыцці Кітайскага культурнага цэнтра ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр назваў сімвалічным, што ў Год культуры, які літаральна праз некалькі дзён ужо завяршаецца, адкрыты Кітайскі культурны цэнтр. "Гэта вяха на далейшым шляху беларуска-кітайскіх сувязей, у тым ліку культурных", - сказаў Барыс Святлоў.
"Развіццё супрацоўніцтва з Кітаем - адзін з прыярытэтных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі, - падкрэсліў міністр. - Беларуска-кітайскія гуманітарныя сувязі дынамічна развіваюцца, што абумоўлена давернымі адносінамі паміж нашымі дзяржавамі, агульнасцю прынцыпаў унутранай і знешняй палітыкі".
На яго думку, заснаванне культурных цэнтраў дзвюх краін, як і прадугледжана міжурадавым пагадненнем, будзе садзейнічаць паглыбленню ўзаемаразумення паміж двума народамі, далейшаму развіццю культурнага супрацоўніцтва, пашырэнню дружалюбных адносін і абменаў у гуманітарнай сферы.
У сваю чаргу старшыня таварыства дружбы "Беларусь - Кітай" Анатоль Тозік назваў знакавай падзеяй адкрыццё Кітайскага культурнага цэнтра. Ён падкрэсліў, што роўна праз месяц Беларусь і Кітай будуць адзначаць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. На думку Анатоля Тозіка, развіццё палітычнага, эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі немагчыма без ведання культуры, звычаяў, традыцый адзін аднаго. "Калі будзем вывучаць культуру адзін аднаго, то адносіны ў цэлым будуць развівацца больш актыўна", - перакананы ён. Анатоль Тозік выказаў меркаванне, што цэнтр будзе садзейнічаць умацаванню ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем.