28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас на пасяджэнні ў ААН з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за поўную ліквідацыю ядзернай зброі заклікаў краіны да больш актыўных дзеянняў, звязаных з пашырэннем поўнай забароны ядзерных выпрабаванняў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"Беларускі дыпламат выказаў усебаковую падтрымку міжнародным намаганням у галіне ядзернага нераспаўсюджвання і раззбраення, а таксама заклікаў да больш актыўных дзеянняў, звязаных з пашырэннем поўнай забароны ядзерных выпрабаванняў", - расказалі ў ведамстве.
У Нью-Ёрку ў час тыдня высокага ўзроўню 73-й сесіі Генасамблеі ААН Андрэй Дапкюнас таксама прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін - удзельніц Руху недалучэння. Мерапрыемства было прысвечана захаванню і ўмацаванню патэнцыялу Статута ААН у кантэксце мэт і прынцыпаў Руху недалучэння.
"Намеснік міністра прадставіў пазіцыю Беларусі адносна шляхоў пераадолення глабальнага крызісу ў галіне ўрэгулявання канфліктаў, а таксама звярнуў увагу на неабходнасць дзейнічаць сумесна і на аснове мэт і прынцыпаў Статута ААН для дасягнення міжнароднага міру і бяспекі. Па выніках сустрэчы была прынята сумесная палітычная дэкларацыя", - адзначылі ў МЗС.
Гэтымі днямі ў офісе ААН адбылося ўрачыстае адкрыццё дакументальнай фотавыстаўкі "Перакладчыкі ў дзеянні: садзейнічаючы міру", прысвечанай святкаванню Міжнароднага дня перакладу ў ААН (30 верасня). Рашэнне аб заснаванні гэтага свята было прынята вясной 2017 года па беларуска-азербайджанскай ініцыятыве.
Фотавыстаўку, арганізаваную Беларуссю, Азербайджанам і Туркменістанам, адкрыў Андрэй Дапкюнас. "Яна дэманструе работу перакладчыкаў у міратворчых і мірабудаўнічых місіях і з'ўляецца элементам намаганняў Беларусі па пашырэнні ідэі неабходнасці ўзмацнення юрыдычнай і фізічнай абароны перакладчыкаў, якія працуюць у небяспечных умовах", - звярнулі ўвагу ў міністэрстве.