6 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя прымае ўдзел у рабоце 53-й сесіі Камісіі ААН па сацыяльным развіцці, якая праходзіць у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Юрый Амбразевіч у час дыскусіі высокага ўзроўню, прысвечанай пераасэнсаванню ролі сацыяльнага развіцця ў сучасным свеце, праінфармаваў удзельнікаў аб беларускай мадэлі, асноўных напрамках і дасягненнях Беларусі ў гэтай галіне.
Юрый Амбразевіч адзначыў, што інвестыцыі беларускай дзяржавы ў адукацыю, ахову здароўя, прафесійную падрыхтоўку і стварэнне новых магчымасцей для забеспячэння занятасці і дастойнай работы насельніцтва ў перспектыве прынясуць значныя сацыяльныя і эканамічныя вынікі.
У кантэксце пераасэнсавання ролі сацыяльнага развіцця прадстаўнік Беларусі падзяліўся нацыянальным вопытам па развіцці адукацыйных праграм і стварэнні рабочых месц, звязаных з "зялёнай" эканомікай у сферах энергетыкі, транспарту, перапрацоўкі адходаў.
Юрый Амбразевіч падкрэсліў неабходнасць удзяліць належную ўвагу пытанням сацыяльнай падтрымкі моладзі, людзей пажылога ўзросту і інвалідаў, умацаванню інстытута традыцыйнай сям'і ў будучым глабальным парадку дня развіцця на перыяд пасля 2015 года. Прадстаўнік МЗС Беларусі заклікаў ААН больш актыўна садзейнічаць ажыццяўленню нацыянальных і міжнародных стратэгій, праграм і ініцыятыў, накіраваных на ўмацаванне сям'і як асноўнай ячэйкі грамадства.