9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае за роўныя ўмовы атрымання фінансавання на праекты па скарачэнні выкідаў парніковых газаў для ўсіх краін. Аб гэтым заявіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Каўхута, выступаючы на сегменце высокага ўзроўню з удзелам кіраўнікоў дэлегацый краін у рамках Парыжскай кліматычнай канферэнцыі, паведамляе БЕЛТА.
"Мы заклікаем уключыць у пагадненне новыя падыходы, па якіх усе краіны, што жадаюць прадастаўляць падтрымку іншым дзяржавам, павінны мець такую магчымасць. А атрымліваць такую падтрымку павінны не толькі краіны, якія сталі на шлях развіцця, але і іншыя, якія маюць патрэбу ў дапамозе па тых ці іншых пытаннях", - адзначыў міністр у час свайго выступлення.
Андрэй Каўхута падкрэсліў, што ў новае пагадненне трэба ўключыць механізмы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, справядлівага размеркавання даступных фінансавых рэсурсаў на прыняцце мер, накіраваных на скарачэнне выкідаў парніковых газаў і адаптацыю да змяненняў клімату. "Мы заклікаем краіны канвенцыі (Рамачная канвенцыя ААН аб змяненні клімату. - Заўвага БЕЛТА), якія маюць патэнцыял і магчымасць аказваць тэхнічную і фінансавую дапамогу, заахвочваць прамыя інвестыцыі ў экалагічна адказных дзяржавах", - растлумачыў ён.
Таксама міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі адзначыў, што асаблівая ўвага ў новым кліматычным пагадненні павінна быць удзелена энергетыцы і ўсеагульнаму доступу да чыстых тэхналогій. "Мы разлічваем, што новае пагадненне створыць умовы для развіцця нізкавугляродных тэхналогій, для павелічэння выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі і другасных рэсурсаў, комплекснага ўстойлівага развіцця гарадоў, укаранення чыстага транспарту, абароны натуральных прыродных сістэм ад спусташэння і дэградацыі", - канстатаваў ён.
Завяршаючы сваё выступленне, Андрэй Каўхута падкрэсліў, што Беларусь, каб садзейнічаць заключэнню пагаднення, прадставіла свае мяркуемыя нацыянальна-вызначаемыя ўклады і прымае на сябе абсалютнае і безумоўнае абавязацельства забяспечыць да 2030 года скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш як на 28 працэнтаў ад узроўню выкідаў 1990 года.
Сегмент высокага ўзроўню з удзелам кіраўнікоў дэлегацый краін прайшоў у рамках Парыжскай кліматычнай канферэнцыі. Адкрыў яго прэзідэнт кліматычнай канферэнцыі, міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус. З прывітальным словам выступілі генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, выканаўчы сакратар Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату Крысціяна Фігуэрэс.