10 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь вітае рашэнне Грэцыі аднавіць дыпламатычную прысутнасць у Мінску. Аб гэтым заявіла намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына 10 снежня на цырымоніі афіцыйнага адкрыцця ганаровага консульства Грэцыі ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Беларусі вельмі добра ведаюць Грэцыю - краіну з прыгожай прыродай і гасцінным народам, з якой нас звязваюць трывалыя вузы, - адзначыла Алена Купчына. - Мы рады, што грэчаскі ўрад прыняў рашэнне аднавіць дыпламатычную прысутнасць у Беларусі. Гэта сігнал аб тым, што паміж нашымі краінамі не толькі існуюць добрыя сувязі, але і ёсць перспектывы для гандлёва-эканамічнага, культурнага, турыстычнага супрацоўніцтва, а таксама для падтрымання палітычнага дыялогу".
Алена Купчына падкрэсліла, што Беларусь, як і Грэцыя, нацэлена на збліжэнне. Яна выказала таксама надзею, што ў бліжэйшым будучым удасца фіналізаваць працэдуру стварэння ганаровага консульства Беларусі ў Грэцыі.
Намеснік міністра дадала, што ў бліжэйшыя дні ў Мінску пройдуць беларуска-грэчаскія кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў.