8 чэрвеня, Астана /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусі цікавы вопыт Казахстана па будаўніцтве выставачных павільёнаў для правядзення міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Астане ў час двухбаковай сустрэчы з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы не маглі не наведаць гэту выстаўку, таму што вы - нашы сябры, блізкія людзі, і я ведаю, як вы рыхтаваліся да гэтай выстаўкі, колькі зроблена. Мы не проста будзем глядзець павільёны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што нядаўна ў Мінску былі знесены старыя выставачныя плошчы. "Мы спланавалі будаўніцтва беларускай выстаўкі. Таму мы будзем дасканала вывучаць ваш вопыт. Вядома, нам такая маштабнасць не патрэбна - гэта сусветная выстаўка. Мы вельмі ўважліва вывучым гэты вопыт, і калі вы нам дапаможаце хаця б архітэктурнымі праектамі, спецыялістамі і падкажаце, мы вам будзем вельмі ўдзячныя", - адзначыў беларускі лідар.
У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за тое, што ён прыняў запрашэнне прыехаць у Казахстан для ўдзелу ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017". "За 2,5 года мы патрацілі $3 млрд і пабудавалі цэлы раён з жыллём, гасцініцамі, кангрэс-холам", - расказаў казахстанскі лідар.
Паводле яго слоў, пасля заканчэння выстаўкі на вызваленых плошчах размесцяцца міжнародны фінансавы цэнтр, там будзе працаваць пастаянная выстаўка, яшчэ частка будзе аддадзена пад лабараторыю ўніверсітэта, а пабудаванае для ўдзельнікаў выстаўкі жыллё будзе перадавацца жыхарам Астаны.
Нурсултан Назарбаеў таксама адзначыў, што Беларусь на "ЭКСПА-2017" прадстаўлена асобным нацыянальным павільёнам. "Беларусі ёсць што паказаць па новай тэхніцы і тэхналогіях", - сказаў ён.
Што датычыцца двухбаковых адносін, Нурсултан Назарбаеў выказаў упэўненасць, што ў гэтым пытанні няма нейкіх праблем. "Калі яны ёсць, сядзяць "арлы", якія павінны іх вырашаць па нашай камандзе", - вобразна сказаў Прэзідэнт Казахстана.