22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова пашыраць супрацоўніцтва з В'етнамам па ўсіх напрамках. Аб гэтым сёння журналістам заявіў начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларусь разглядае супрацоўніцтва з В'етнамам у якасці аднаго з прыярытэтаў сваёй знешняй палітыкі ў Азіяцкім рэгіёне і імкнецца да развіцця паўнацэннага стратэгічнага партнёрства. "У Беларусі высока цэняць дружбу в'етнамскага народа і адзначаюць станоўчую дынаміку развіцця двухбаковых адносін ва ўсіх галінах. Мы гатовы і далей актыўна пашыраць супрацоўніцтва з нашымі в'етнамскімі партнёрамі па ўсіх напрамках", - адзначыў прэс-сакратар МЗС.
Дзмітрый Мірончык праінфармаваў, што 26-27 кастрычніка ў Мінску адбудзецца чарговае пасяджэнне беларуска-в'етнамскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Удзельнікі падвядуць вынікі супрацоўніцтва дзвюх краін у розных сферах у 2015 годзе, прааналізуюць рэалізацыю праграмы супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В'етнамам у эканамічнай сферы на 2013-2015 гады, узгодняць задачы ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы, адукацыі, культуры і іншых сферах. Для прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый разам з БелГПП запланавана правядзенне сустрэч і перагавораў з дзелавой часткай в'етнамскай дэлегацыі на кантактна-кааперацыйнай біржы.