4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая Ваенная дактрына Беларусі змяшчае сістэмны адказ на выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаюцца сёння нават самыя паспяховыя краіны. Аб гэтым паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час адкрыцця дзявятай сесіі пятага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Новая Ваенная дактрына змяшчае сістэмны адказ на выклікі і пагрозы, з якімі сутыкаюцца сёння многія нават самыя паспяховыя краіны. У ёй прадугледжаны і меры па ўдасканаленні абароннага сектара эканомікі", - адзначыў спікер. На яго думку, выкарыстанне патэнцыялу ваенна-прамысловага комплексу, развіццё высокіх тэхналогій будуць садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі ў цэлым.
Сярод асноўных дакументаў, якія будуць разгледжаны на бягучай сесіі, Уладзімір Андрэйчанка адзначыў праграму ўрада на 2016-2020 гады. Паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў, гэта праграма вызначае пакрокавую стратэгію рэалізацыі намечанага курсу. "Гэта вынік цеснай сумеснай работы прадстаўнікоў усіх дзяржаўных органаў па аналізе існуючай сітуацыі і выпрацоўцы канкрэтных мер па вывадзе эканомікі на траекторыю ўстойлівага росту", - сказаў спікер.
Ён таксама звярнуў увагу, што ў праграму дзейнасці ўрада ўключаны карэктывы, прапанаваныя дэпутацкім корпусам.
Сярод іншых важных задач сесіі Уладзімір Андрэйчанка абазначыў завяршэнне работы над Кодэксам аб судовым ладзе і статусе суддзяў, карэкціроўку крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства.