6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завяршаецца працэдура падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сёння подпіс пад дакументам паставіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Такім чынам яно ўступае ў сілу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
"Прыемна адзначыць, што ў міжпарламенцкім узаемадзеянні з Кітайскай Народнай Рэспублікай мы робім магутны рывок наперад. Пагадненне прадугледжвае стварэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Мэтамі камітэта з'яўляюцца паглыбленне і ўмацаванне адносін паміж дзвюма дзяржавамі, а таксама вылучэнне прапаноў і рэкамендацый па розных пытаннях. Таму нашы намаганні будуць накіраваны на актывізацыю кантактаў у ключавых галінах, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай сферы".
Спікер падкрэсліў, што толькі па выніках мінулага года Кітай стаў другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі. "Тавараабарот з КНР склаў практычна $5,8 млрд. Перакананы, што цяперашняе пагадненне паслужыць трывалай асновай для далейшага нарошчвання ўзаемадзеяння ў духу ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, аб'яўленага лідарамі Беларусі і Кітая ў верасні мінулага года", - дапоўніў старшыня Палаты прадстаўнікоў.