30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Н
ацыянальнае кнігавыданне стала візітнай карткай Беларусі за мяжой. Такое меркаванне выказала сёння журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Міністр пераканана, што ў сучаснай Беларусі дастойна прадаўжаюць традыцыі першадрукара Францыска Скарыны. Поспехі беларускіх кнігавыдаўцоў прызнаны за мяжой. "Нацыянальная кніга - гэта наш скарб і наша візітка", - падкрэсліла Лілія Ананіч. Так, ужо цяпер вядома, што выданню "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" прысуджана Гран-пры Міжнароднага конкурсу дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі". У гэтым годзе беларускія кнігі былі прадстаўлены на міжнародных выстаўках у Казахстане, Кітаі і Францыі, іх чакаюць у Германіі, Расіі, Сербіі.
У краіне больш за 500 выдавецкіх арганізацый. Дзяржава аказвае падтрымку выданню сацыяльна значных кніг. Усяго за першае паўгоддзе ў Беларусі было выпушчана звыш 4,5 тыс. найменняў агульным тыражом амаль 10 млн экзэмпляраў. Міністр звярнула ўвагу, што на беларускай мове выдадзена 560 найменняў кніг, іх доля ў агульным тыражы перавысіла 23 працэнты. Для параўнання, у 2016 годзе яна складала каля 17 працэнтаў.
З дасягненнямі беларускага кнігавыдавецтва можна будзе азнаёміцца і ў час Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў Полацку 1-3 верасня. Праграма свята вельмі насычаная, горад ператворыцца ў вялікую культурна-асветную пляцоўку. Галоўнымі тэмамі стануць 1155-годдзе Полацка і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Адбудзецца міжнародны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, пройдзе фестываль кнігі і прэсы, будуць арганізаваны канферэнцыі і выстаўкі.
Лілія Ананіч адзначыла, што за мяжой праяўляюць вялікую цікавасць да Дня беларускага пісьменства ў Полацку. "Як мінімум 12 краін накіроўваюць дэлегацыі літаратараў, вучоных, бібліятэкараў для таго, каб святкаваць Дзень беларускага пісьменства", - сказала яна. Акрамя таго, аб сваім жаданні прыняць удзел у свяце заявіла вялікая колькасць дыпламатаў.-0-