17 лютага, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Міністэрства інфармацыі Беларусі ўважліва падыдзе да вывучэння рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу ў Беларусі. Аб гэтым сёння ў Гомелі паведаміла журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. Яна прымала ўдзел у падагульняючай калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама.
Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі ўвайшоў у склад экспертнай групы, якая павінна будзе аналізаваць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ. "Мы ўважліва і ўдумліва паглядзім на тыя прапановы, якія сфармуляваны", - сказала міністр. У першую чаргу гэта будуць палажэнні, якія датычацца інфармацыйнага забеспячэння выбарчых кампаній. "Для нас першасна, каб гэтыя рэкамендацыі ўкладваліся ў рамкі нашых агульных канстытуцыйных задач, а таксама правоў кожнага грамадзяніна. А самае галоўнае, каб права фарміраваць сваю інфармацыйную прастору належала менавіта нашай краіне - суверэннай Беларусі", - адзначыла Лілія Ананіч.
Калі прааналізаваць работу па інфармацыйным забеспячэнні выбарчай кампаніі, то можна сцвярджаць, што яна праводзілася ў захаванні канстытуцыйнага права чалавека на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, падкрэсліла міністр."У нас створаны ўсе неабходныя атрыбуты нацыянальнага інфармацыйнага поля, якія даюць права кожнаму выказаць сваё меркаванне, а таксама сабраць і распаўсюдзіць інфармацыю", - сказала яна.
Гэта пацвярджае і той факт, што на ўсіх этапах выбарчай кампаніі не паступала зваротаў ні ў Міністэрства інфармацыі, ні ў Цэнтральную выбарчую камісію аб тым, што былі парушаны чые-небудзь правы. "Мы ў поўным аб'ёме адпрацавалі транспарэнтна, права быць пачутым рэалізавана ўсімі прэтэндэнтамі на пасаду кіраўніка дзяржавы", - канстатавала Лілія Ананіч.