18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынцыповыя дамоўленасці, дасягнутыя паміж прэзідэнтамі Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі, трэба трансфармаваць у канкрэтныя эканамічныя праекты. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік на першым пасяджэнні сумеснай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нагадаўшы аб плённых перагаворах у чэрвені бягучага года ў Малаба і пасля ў верасні, кіраўнік МЗС Беларусі адзначыў: "Рады, што наш дыялог прадаўжаецца паспяхова, і ўпэўнены, што цяперашняя наша сустрэча ў фармаце камісіі прынясе чарговыя вынікі".
"Радасна ўсведамляць, што менш як за месяц мы змаглі правесці неабходную падрыхтоўчую работу, сфарміраваць значны парадак дня і арганізаваць сённяшняе пасяджэнне", - дадаў ён.
Паводле слоў міністра, тон супрацоўніцтву быў зададзены ў ходзе гістарычнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі.
Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што мэта як цяперашняга пасяджэння, так і далейшай работы ў цэлым - "трансфармаваць прынцыповыя дамоўленасці паміж прэзідэнтамі дзвюх краін у канкрэтныя эканамічныя праекты".
"Дружалюбныя адносіны паміж нашымі лідарамі неабходна канверсаваць у развіццё канкрэтных двухбаковых праектаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі і тэхнікі, аховы здароўя, адукацыі, культуры, будаўніцтва. Наша з вамі агульная задача - забяспечыць паступальны рост тавараабароту нашых дзвюх краін, каб вывесці яго ў адпаведнасці з іх патэнцыялам", - сказаў Сяргей Алейнік.
Паводле яго слоў, галоўны чаканы вынік пасяджэння камісіі - выйсці на распрацоўку дарожнай карты развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, якая будзе прапанавана для падпісання прэзідэнтам Беларусі і Экватарыяльнай Гвінеі.