28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Азербайджан бачыць пазітыўную дынаміку па ўсіх напрамках супрацоўніцтва з Беларуссю. Аб гэтым 28 лістапада на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў кіраўнік азербайджанскай дзяржавы Ільхам Аліеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас няма ніякіх абмежаванняў па пытаннях супрацоўніцтва з Беларуссю. Па ўсіх напрамках мы бачым вельмі пазітыўную дынаміку і вынікі", - сказаў Ільхам Аліеў.
Ён адзначыў, што Беларусь на шляху бурнага эканамічнага росту, у краіне актыўна вырашаюцца пытанні сацыяльнага дабрабыту. "Час цяпер няпросты ні для адной краіны, але тым не менш Беларусь захоўвае пазітыўную дынаміку развіцця, забяспечваецца грамадска-палітычная стабільнасць. Усе мы перажываем эканамічны крызіс, тым не менш Беларусь - адна з тых краін, якая найменш падпала пад уздзеянне гэтай з'явы", - канстатаваў Прэзідэнт Азербайджана.
Адносіны дзвюх краін грунтуюцца на трывалай дружбе, выпрабаванай гадамі. За апошнія гады зроблена некалькі афіцыйных візітаў кіраўнікоў дзяржаў, кіраўнікоў структур. Прэзідэнт Азербайджана падкрэсліў, што будзе вельмі рады ў наступным годзе зноў прымаць з афіцыйным візітам Аляксандра Лукашэнку. "Кожны візіт - гэта яшчэ адно палітычнае пацвярджэнне стратэгічнага характару нашых адносін. Вельмі шмат пытанняў, якія мы вырашаем па ўсіх напрамках у палітычнай сферы, сферы знешняй палітыкі, эканоміцы, прамысловасці", - сказаў Ільхам Аліеў.
Ад імя азербайджанскага народа ён пажадаў Беларусі новых дасягненняў. "І мы як сябры заўсёды будзем побач, заўсёды будзем радавацца вашым поспехам", - паабяцаў Прэзідэнт Азербайджана.