18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Звыш дзвюх тысяч гасцей і ўдзельнікаў Дзён Беларусі ў Таджыкістане азнаёміліся з фотавыстаўкай Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў" у Душанбэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наведвальнікі падрабязна цікавіліся ідэяй стварэння экспазіцыі, эканамічным і сацыяльным развіццём беларускай дзяржавы за гады незалежнасці, а таксама сучасным жыццём беларусаў, да якіх у Таджыкістане і па гэты дзень ставяцца цёпла і з асаблівым пачуццём дружбы.
Экспазіцыя БелТА ўключае 26 чорна-белых і столькі ж каляровых здымкаў. Ідэя праекта такая: архіўныя чорна-белыя фатаграфіі ілюструюць, як жыла краіна 25-30 гадоў таму, каляровыя расказваюць пра сённяшні дзень Беларусі. Супастаўляючы старыя і новыя здымкі, наведвальнікі могуць убачыць, якое развіццё атрымалі прамысловасць, сельская гаспадарка, транспартная інфраструктура, навука, медыцына, Узброеныя Сілы. Фатаграфіі апошніх гадоў адлюстроўваюць тыя сферы жыцця, дасягненнямі ў якіх рэспубліка па праву можа ганарыцца.
Перасовачная экспазіцыя - частка аднайменнага фотапраекта БЕЛТА "Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў", прызначанага паказаць маштаб перамен, што адбыліся з краінай за такі кароткі гістарычны перыяд. Праект уключае таксама сайт bylostalo.belta.by, які выступае ў ролі віртуальнага аналага выстаўкі.
Дні культуры Беларусі ў Таджыкістане праходзяць з 15 па 19 кастрычніка.