28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зорак Купалаўскага тэатра сустракалі маскоўскія гледачы на паказе спектакля "Вечар", паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Расіі.
На сцэне Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі адбыўся паказ спектакля "Вечар" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Яго прэзентацыя для маскоўскай публікі стала адным з мерапрыемстваў Года культуры, які аб'яўлены ў Беларусі ў 2016-м.
Пастаўлены паводле аднайменнай п'есы беларускага драматурга Аляксея Дударава спектакль адзначае ў бягучым годзе сваё дзесяцігоддзе. У ім заняты зоркі беларускай тэатральнай сцэны - народны артыст СССР і Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Міронава, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Падабед.
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч, выступаючы перад гасцямі, адзначыў, што Купалаўскі тэатр з'яўляецца сімвалам тэатральнай Беларусі. На працягу ўсёй сваёй гісторыі ён уносіць прыкметны ўклад у захаванне культурна-гістарычнай спадчыны, з дапамогай сцэны пераносіць гледача ў свет багатага гістарычнага мінулага Радзімы, а таксама расказвае пра сучасную Беларусь.
"Вечар" - пастаноўка вядомага беларускага рэжысёра, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Валерыя Раеўскага.