15 студзеня, Полацк /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Спаса-Праабражэнскую царкву Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра адкрылі пасля шматгадовай рэстаўрацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Велічны храм - адзін з самых старажытных мураваных культавых збудаванняў на тэрыторыі Беларусі. Пры рэстаўрацыі манументальнага жывапісу тут выявілі мноства фрэсак, датаваных XII стагоддзем, якія пакрываюць 90 працэнтаў сцен. Над іх раскрыццём некалькі гадоў працавалі лепшыя рэстаўратары з Беларусі і Расіі.
Як адзначылі спецыялісты, аднаўленне помніка архітэктуры і жывапісу ішло няпроста. Драўляныя элементы ў храме з-за няправільнага мікраклімату значна разбурыліся. У рабоце былі задзейнічаны нават мікрабіёлагі, якія дапамагалі мастакам і рэстаўратарам спецыяльным абсталяваннем выявіць грыбок, каб знішчыць яго перад нанясеннем раствораў. Дарэчы, алейны насценны жывапіс XIX стагоддзя таксама ўдалося захаваць, і цяпер ён экспануецца ў Мастацкай галерэі Полацка. Для захавання фрэсак у храме стварылі асаблівы клімат, які рэгулюецца ў тым ліку з дапамогай лічбавага абсталявання. Таксама эксперты адзначылі, што выяўленыя элементы ўнікальныя, іх выконвалі па ўказанні Ефрасінні, аналагаў няма ні ў адной з існуючых старажытных праваслаўных цэркваў XII стагоддзя.
Падзячны малебен у гонар адкрыцця храма ў манастыры адслужыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Уладыка падкрэсліў, што да вялікай справы прыклала намаганні вялікая каманда. "Мы дзякуем Госпаду за тое, што такая справа здзейснілася. Таксама мы выказваем словы ўдзячнасці Прэзідэнту нашай краіны, які даў указанне, каб ішла рэстаўрацыя храма і ён паўстаў ва ўсёй прыгажосці і харастве. Фрэскі былі адноўлены, абноўлены архітэктурныя канструкцыі, каб храм захоўваўся на многія гады і радаваў наведвальнікаў, быў сведчаннем старажытнасці, праваслаўя і таго, як Прападобная Ефрасіння Полацкая клапацілася аб захаванні веры і набожнасці на нашых беларускіх землях", - падкрэсліў Патрыяршы Экзарх.
Ва ўрачыстай цырымоніі прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. Яна зачытала прывітальны адрас ад Прэзідэнта і адзначыла, што захаванне такіх святынь з'яўляецца пытаннем нацыянальнага гонару. "Гэта падзея стала магчымай дзякуючы працы рэстаўратараў, праектантаў, будаўнікоў, усіх людзей, якія разумелі, што гэта трэба зрабіць на карысць нашага народа і нашай краіны, таму што гэта духоўныя карані нашай Беларусі", - сказала яна.
Спікер акцэнтавала ўвагу, што маштабныя работы па рэстаўрацыі храма ўвайшлі ў актыўную фазу дзякуючы ўдзелу кіраўніка дзяржавы, які пабываў тут і ўбачыў, у якім стане знаходзіцца святыня. "Гэтыя работы пачаліся дзякуючы даручэнню нашага Прэзідэнта і пры фінансавай падтрымцы дзяржавы. І гэта было ўсё няпроста, але Прэзідэнт разумеў, што гэта трэба зрабіць на карысць праваслаўя і нашага народа. Усе работы былі выкананы ў поўным аб'ёме", - адзначыла Наталля Качанава.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця храма, падзякаваў вялікай каманде, якая працавала на рэстаўрацыйных работах. Гэта прадстаўнікі міністэрстваў культуры, архітэктуры і будаўніцтва, рэстаўратары. "Гэта жамчужына не толькі полацкай зямлі, але і ўсёй Беларусі, усяго праваслаўнага свету. Аднаўленне храма - яшчэ адзін доказ, што мы ўсё робім правільна", - заявіў кіраўнік рэгіёна.
Храм будзе даступны для наведвальнікаў і паломнікаў з усіх куткоў свету.