1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Французскія фатографы падрыхтуюць прэзентацыйны альбом пра Беларусь, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Алена Ліхімовіч.
У канцы жніўня Нацыянальнае агенцтва па турызме сумесна з пасольствам Беларусі ў Францыі арганізавала тур з наведваннем беларускіх выдатных мясцін для фатографаў Алены Вантрыён і Жан-Жака Кутро.
У Беларусі для іх была падрыхтавана насычаная праграма, яны пабывалі не толькі ў самых папулярных турыстычных цэнтрах (Мінску, Міры, Нясвіжы, Гродне, Брэсце), але і ў такіх невялікіх населеных пунктах з каларытнымі славутасцямі, як Слонім, Жыровічы, Косава, Ружаны, Чарнаўчыцы, Жалудок, Мураванка. Фатографы здымалі Белавежскую пушчу, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музей народнай архітэктуры і побыту, гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна" і іншыя аб'екты.
Па выніках паездкі плануецца выданне прэзентацыйнага альбома "Беларусь вачамі французскіх фатографаў". У яго таксама ўвойдуць здымкі, зробленыя ў час рэкламна-азнаямленчага туру для французскіх фатографаў і журналістаў у жніўні мінулага года. Тады ім паказвалі месцы бітваў 1812 года, вытворчасць валёнак, дом-музей Марка Шагала ў Віцебску.-0-