20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборнік перакладаў вершаў беларускага паэта Максіма Багдановіча на іспанскую мову плануецца выпусціць у 2017 годзе, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Іспаніі.
Там жа расказалі, што 18 сакавіка ў кафэ Cosmico ў цэнтры Мадрыда (Іспанія) адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная творчасці Максіма Багдановіча. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары і іспанскай інтэлігенцыі, якіх цікавіць культура Беларусі.
Ідэю і сцэнарый вечарыны распрацавалі Вера Кухарава і Ларыса Малышава - беларускі, якія актыўна ўдзельнічаюць у арганізацыі беларускіх культурных мерапрыемстваў у Іспаніі. Дапамогу ў правядзенні аказала пасольства Беларусі ў Іспаніі і музей Максіма Багдановіча (Мінск).
Галоўная ідэя мерапрыемства - звярнуць увагу беларусаў замежжа і іспанскіх грамадзян на творчасць паэта, багатую спадчыну аднаго са стваральнікаў нацыянальнай беларускай літаратуры.
На вечарыне гучалі вершы Максіма Багдановіча розных гадоў, тэксты яго пісем, успаміны сучаснікаў паэта на беларускай і рускай мовах, а таксама пераклады вершаў паэта на іспанскую мову паэтэсы Анхелы Эспіноса.