30 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэфам місіі беларускай каманды на XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане на пасяджэнні Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі зацверджаны намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Баравуля, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў НАК.
Намеснікам шэфа місіі будзе начальнік аддзела міжнародных адносін НАК Васіль Юрчык.
Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане пройдуць з 9 па 25 лютага 2018 года. На гэты час беларускія атлеты спаборнічаюць за права выступіць на галоўных стартах чатырохгоддзя ў такіх відах спорту, як біятлон, фрыстайл, лыжныя гонкі, канькабежны спорт, шорт-трэк, фігурнае катанне. Плануецца, што яны змогуць заваяваць 25-30 ліцэнзій.
На папярэдняй зімовай Алімпіядзе ў Сочы ў 2014 годзе беларускія спартсмены заваявалі шэсць узнагарод - пяць залатых, тры з якіх на рахунку біятланісткі Дар'і Домрачавай, і адну бронзавую.