28 мая, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Запраўкі кампаніі "Беларуснафта" стануць інфацэнтрамі турыстычных маршрутаў па Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Сяргей Каморнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Унікальны праект Belarus N сетка аўтазаправачных станцый "Беларуснафта" рэалізуе сумесна з камунікацыйным агенцтвам "Група NEF". Яго арганізатары ўпэўнены, што павышэнне турыстычнай прывабнасці Беларусі патэнцыяльна абяцае эканамічныя выгады, цалкам супастаўныя з даходамі ад здабычы нафты і іншай мінеральнай сыравіны ў нетрах краіны.
"Беларусь мае вялізны турыстычны патэнцыял - цудоўныя прыродна-архітэктурныя выдатныя мясціны, растучую інфраструктуру па прыёме гасцей. Каб прывесці існуючыя рэсурсы ва ўзгоднены камерцыйны рух, патрабуецца "інфармацыйны каталізатар", у якасці якога мы і разглядаем праект Belarus N, - сказаў Сяргей Каморнікаў. - Для міжнароднай турыстычнай індустрыі ў нашым актыве ёсць нямала сапраўдных адкрыццяў, якія здольны здзівіць самага спакушанага еўрапейскага падарожніка. Важна знайсці формы і сродкі, каб эфектыўна прэзентаваць выдатныя мясціны нашай краіны".
У перспектыве больш як 540 АЗС "Беларуснафта" выступяць у ролі інфармацыйных, рэсурсных і экіпіровачных цэнтраў для арганізацыі падарожжаў па родным краі, стануць зыходным пунктам камфортнага і прадметнага знаёмства з прыроднай і этнаграфічнай, архітэктурнай і кулінарнай разнастайнасцю Беларусі. Штодзень на АЗС прадпрыемства запраўляюцца 350 тыс. аўтамабіляў - дзякуючы гэтаму праекту Belarus N апрыёры гарантавана шырокая зацікаўленая аўдыторыя.
"Першапачаткова мы планавалі арганізаваць рэкламную падтрымку аграсядзіб, размешчаных паблізу АЗС "Беларуснафта", - пракаменціраваў дырэктар "Групы NEF" Алег Раманаў. - Аднак усё большы сустрэчны інтарэс прымусіў перагледзець фармат праекта на карысць крэатыўнай разнастайсці і новага тэматычнага напаўнення маршрутаў: "Сырны", "Піўны", "Рыцарскі", "Водны", "Лазневы". Толькі на першым этапе можна гаварыць аб 15 перспектыўных напрамках".
Усе падарожжы ў фармаце Belarus N, якія стартуюць з адной з АЗС, будуць вызначацца адзіным стандартам фірменнага сэрвісу і пазнавальнай праграмай для турыстаў усіх узростаў. Напрыклад, маршрут "Сырны" на стадыі ідэі ўключае ў сябе наведванне "Музея сыру" і аграсядзібы "Мышыны дом", майстар-клас даення кароў, фандзю на прыродзе.
"У гэтым выпадку павінна працаваць і развівацца эканоміка ўражанняў ("крэатыўная эканоміка"), арыентаваная, перш за ўсё, на адчуванні спажыўца. У яе кантэксце бізнес павінен працаваць над тым, каб выклікаць у кліентаў яркія эмоцыі, якія становяцца самастойным прадуктам", - адзначыла старшыня праўлення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Валерыя Кліцунова.
Акрамя таго, праграма Belarus N прадугледжвае адкрыццё першага турыстычнага інтэрнэт-партала з рэйтынгам тэматычных маршрутаў і месц адпачынку, сістэмай анлайн-браніравання і аплаты паслуг. Ствараюцца мабільны дадатак для падарожнікаў і сувенірны каталог на папяровых носьбітах для распаўсюджвання ў сетцы АЗС. Будзе арганізаваны таксама прафесійны маніторынг розных месц адпачынку і тэматычных маршрутаў, па выніках якога плануецца стварыць нацыянальны рэйтынг, а ў будучым - заснаваць спецыяльны прыз для лідараў галіны.
Першыя ідэі і тэматычныя падарожжы арганізатары плануюць прадставіць гасцям і жыхарам краіны ўжо ў ліпені-жніўні бягучага года. Сам жа праект мае доўгатэрміновую перспектыву і будзе рэалізоўвацца на працягу некалькіх гадоў. На першым этапе (у 2015 годзе) плануецца актыўна задзейнічаць амаль 65 заправачных станцый.