11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Замежныя грамадзяне, якія жадаюць наведаць нацыянальны парк "Белавежская пушча", змогуць знаходзіцца на тэрыторыі парку без віз тэрмінам да 3-х дзён. Адпаведны ўказ нумар 115 ад 9 сакавіка 2015 года апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БЕЛТА.
Указ прыняты ў мэтах павышэння эфектыўнасці выкарыстання аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры нацыянальнага парку "Белавежская пушча" і далейшага развіцця трансгранічнага турызму. Скарыстацца бязвізавым рэжымам замежныя грамадзяне змогуць праз пункт пропуску "Перароў - Белавежа".
Падставай для бязвізавага ўезду ў Рэспубліку Беларусь, выезду з Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску і часовага знаходжання на тэрыторыі нацыянальнага парку да 3-х сутак з'яўляецца дакумент, які прадастаўляе замежнаму грамадзяніну права на наведванне нацыянальнага парку.
Замежны грамадзянін, які мае намер наведаць нацыянальны парк, пры бязвізавым уездзе ў Рэспубліку Беларусь і выездзе з Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску абавязаны прад'явіць сапраўдны дакумент для выезду за мяжу і дакумент, які прадастаўляе права на наведванне нацыянальнага парку.
Савету Міністраў, згодна з указам, у трохмесячны тэрмін неабходна распрацаваць і зацвердзіць форму дакумента, які прадастаўляе замежнаму грамадзяніну права на наведванне нацыянальнага парку, вызначыць парадак наведвання нацыянальнага парку замежнымі грамадзянамі.