4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Забег на абцасах правядуць у Мінску 8 верасня, паведамілі БЕЛТА ў адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы.
Незвычайнае спаборніцтва пройдзе ў час святкавання Дня горада Мінска каля "Чыжоўка-Арэны". Старт запланаваны на 15.00. Модніцам трэба будзе прабегчы каля 100 м у абутку на шпільцы вышынёй не менш за 5 см. Пераможцамі і прызёрамі стануць тыя дзяўчаты, якія пакажуць лепшы час.
Аб жаданні прыняць удзел у конкурсе ўжо заявілі больш за 30 прадстаўніц прыгожага полу. Поўная інфармацыя пра забег размешчана на сайце раённай адміністрацыі.
Святочныя гулянні ў Заводскім раёне пачнуцца з дзесяці гадзін раніцы. Каля "Чыжоўка-Арэны" разгорнецца кірмаш, апоўдні тут адкрыюцца інтэрактыўныя пляцоўкі, дзіцячы гарадок. Гасцям прапануюць пракаціцца на роліках, паўдзельнічаць у майстар-класах ад сеткі фітнес-клубаў, паспаборнічаць у лазертагу, акунуцца ў віртуальную рэальнасць і інш. Для дзяцей 2-5 гадоў арганізуюць спаборніцтвы на бегавелах.
Таксама ў праграме свята дэфіле ад народнага тэатра-студыі моды "Авантаж", выступленні творчых калектываў.