14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2017" Хелена Мерааі сёння адправіцца ў Тбілісі разам з беларускімі артыстамі, каб прыняць удзел у Днях культуры Беларусі ў Грузіі, якія пройдуць 15-18 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў Белтэлерадыёкампаніі.
Дні культуры Беларусі ў Грузіі будуць праведзены ўпершыню. У гала-канцэрце на сцэне Грузінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Шата Руставелі ў Тбілісі выступяць калектывы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алёна Ланская, саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў. Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2017" Хелена Мерааі выканае конкурсную кампазіцыю "Я самая".
Афіцыйная беларуская дэлегацыя на "Еўрабачанне" адправіцца ў Грузію крыху пазней. Традыцыйна каманда прывязе прома-прадукцыю для журналістаў і фанатаў конкурсу - маляўнічыя буклеты, дыскі, постары, эксклюзіўны пазл і каляндар.
Дзіцячае "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Тбілісі 26 лістапада.