5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другі гульнявы дзень XIII Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі на лёдзе "Чыжоўка-Арэны" адкрылі каманды Расіі і Фінляндыі, якія выступаюць у групе В, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Расіяне пасля нечаканага разгромнага паражэння ў першым туры ад славакаў (0:12) сёння згулялі значна больш упэўнена і пасля двух перыядаў выйгравалі з лікам 3:0. Фіны не збіраліся здавацца і на старце заключнай трэці матчу не толькі дагналі сапернікаў, але і выйшлі наперад - 4:3. У выніку ўпарты паядынак завяршыўся баявой нічыёй - 4:4. У стартавым матчы фінскія хакеісты былі мацнейшыя за каманду Германіі - 11:2.
Сёння ўвечары нямецкія хакеісты сустрэнуцца з камандай Славакіі (пачатак у 17.00).
У групе А першымі на лёд выйшлі каманды Швейцарыі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, а ўвечары лядовая дружына Прэзідэнта Беларусі сустракаецца з дэбютантам спаборніцтваў - камандай Балкан (19.00). На старце турніру беларусы былі мацнейшыя за хакеістаў ААЭ - 7:3, швейцарцы разграмілі балканцаў з лікам 13:2.
Пасля завяршэння папярэдняга этапу пераможцы груп 7 студзеня сустрэнуцца ў вырашальным паядынку, каманды, якія занялі другія месцы ў групах, разыграюць бронзу.