25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеістаў у Беларусі пачнуць рыхтаваць з шасці гадоў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Федэрацыі хакея Сямён Шапіра па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях развіцця хакея ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Раней у нас была практыка набору ў школы дзяцей з сямі гадоў. Міністэрства аховы здароўя, Мінспорту, Мінадукацыі з улікам меркавання спецыялістаў прыйшлі да таго, што магчыма пачаць падрыхтоўку з шасці. Гэта і сусветны вопыт", - сказаў Сямён Шапіра.
Каб у бацькоў юных хакеістаў не было праблем з набыццём неабходнай экіпіроўкі, Прэзідэнт даручыў вырашыць гэтыя пытанні аж да стварэння ў Беларусі вытворчасцей па пашыве формы і вырабе іншага інвентару, напрыклад, клюшак.
Узнімаць на належны ўзровень дзіцячы і юнацкі хакей у рэгіёнах будуць у тым ліку з дапамогай прыцягнення ў гарады вопытных трэнераў з Мінска. Аднак для гэтага важна стварыць для іх усе неабходныя ўмовы для работы, уключаючы дастойную заработную плату.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца з вучэбна-трэніровачным працэсам у хакейных школах. Як аказалася, некаторыя кіраўнікі аддаюць перавагу пазабюджэтнай дзейнасці, таму лядовыя арэны ў асноўным выкарыстоўваюцца для масавага катання або аматарскіх гульняў. Пры гэтым колькасць трэніровак у юных хакеістаў неабгрунтавана скарачаецца.