25 ліпеня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Выстава жывапісу і графікі "Блакітныя вочы Радзімы" пачне працаваць у цэнтральнай частцы гомельскага палаца Румянцавых і Паскевічаў 27 ліпеня, паведаміла БЕЛТА дырэктар палацавага музея Аксана Торапава.
У экспазіцыю ўвайшлі карціны з фондаў Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, дзе захоўваецца значны пласт мастацкіх твораў, у якіх адлюстравана прырода Гомельскага краю. "Як вядома, пейзаж як жанр мастацтва карыстаецца вялікай любоўю і ў беларускіх мастакоў, і ў тых, хто шануе прыгожае. Мы вырашылі аб'яднаць у экспазіцыю некалькі дзясяткаў палотнаў, на якіх намаляваны рэкі і азёры - "блакітныя вочы Радзімы", - адзначыла субяседніца.
На выставе будуць прадстаўлены пейзажы Георгія Ніскага, Дзмітрыя Алейніка, Віктара Казачэнкі, Мікалая Палянкова, Анатоля Каплана, Валянціна і Марыі Ягоравых, Ігара Сямекі, Уладзіміра Кароткага, Цімафея Карлава і іншых вядомых майстроў.
Экспазіцыя прадоўжыцца да 27 жніўня.