6 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Выстава вынаходстваў Леанарда да Вінчы пачала працаваць у Магілёве. Яна размясцілася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Выставачны праект прысвечаны творчасці знакамітага вучонага, вынаходцы, мастака, пісьменніка і музыканта Леанарда да Вінчы. Наведвальнікі ў Магілёве змогуць убачыць вялікую колькасць рэпрадукцый яго карцін, а таксама вынаходствы, зробленыя па арыгінальных чарцяжах італьянскага вучонага.
"Запісы ў рукапісах вынаходцы былі зашыфраваны. Ён пісаў іх справа налева люстраным шрыфтам. Часта Леанарда да Вінчы спецыяльна рабіў памылкі ў сваіх чарцяжах - гэта дапамагала абараняць яго вынаходствы ў тым выпадку, калі б яго чарцяжы выкралі, - расказалі ва ўстанове культуры. - У новым выставачным праекце ўвасоблена спроба рэалізаваць ідэі вялікага майстра ў жыццё".
Экспазіцыя будзе працаваць у Магілёве да 15 кастрычніка.