5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава беларускіх мастакоў-франтавікоў "Вясна Перамогі" адкрылася ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў прайшоў усю вайну ад пачатку да канца. Удзельнічаў у бітве за Днепр, быў цяжка паранены пад Мазыром. Ваяваў у складзе 4-га Кубанскага казацкага корпуса 2-га Украінскага фронту. Узнагароджаны медалём "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў".
На выставе "Вясна Перамогі" прадстаўлены работы мастакоў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, выдатных майстроў айчыннага выяўленчага мастацтва, творы якіх увайшлі ў залаты фонд беларускай культуры, зборы вялікіх музеяў свету. Барыс Аракчэеў, Віктар Грамыка, Антон Бархаткоў, Адольф Гугель, Пётр Данэлія, Віктар Гаўрылаў, Яўген Зайцаў, Мікалай Кандрацьеў, Абрам Кроль, Аляксандр Казлоўскі, Павел Масленікаў, Мікалай Назаранка, Тарас Паражняк, Міхаіл Савіцкі, Мікалай Назарчук, Леанід Шчамялёў і многія іншыя беларускія мастакі прайшлі дарогамі вайны тысячы кіламетраў, атрымалі раненні, змагаліся ў партызанскіх атрадах, ваявалі за Маскву і Кёнігсберг, зведалі жахі канцэнтрацыйных лагераў і акупацыі.
У сваіх карцінах кожны мастак па-свойму адлюстраваў тэму Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы гэтаму сучасны глядач можа ўбачыць вачыма відавочцаў не толькі драматычныя падзеі вайны, але і мірныя пасляваенныя дзесяцігоддзі. На палотнах - вобразы партызан, Герояў Савецкага Саюза, якія перадаюць трагічную і напружаную атмасферу ваенных дзён, а таксама пранізлівае хараство роднай зямлі, якая перанесла столькі выпрабаванняў. Мастакі-франтавікі, якія абаранялі нашу Радзіму, разам з усім народам набліжалі доўгачаканую вясну Перамогі.
У экспазіцыі прадстаўлены работы з фондаў Музея гісторыі горада Мінска і Беларускага саюза мастакоў. Выстава будзе працаваць па 4 чэрвеня 2023 года.