12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Мікалай Гусоўскі. Песня пра зубра", прысвечаная 500-годдзю першага выдання паэмы, адкрыецца 13 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў НББ.
На выставе будуць прадстаўлены выданні са збору Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, аб'яднаныя агульнай тэмай сюжэта паэмы, а таксама творы беларускіх мастакоў, беларускіх і замежных магістрантаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка.
Экспазіцыя дае магчымасць перанесціся на 500 гадоў таму і сфарміраваць уласнае ўяўленне аб велічы і скарбах продкаў сучасных беларусаў.
Прадстаўнік новалацінскай паэзіі, адзін з заснавальнікаў жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы Мікалай Гусоўскі стаў аўтарам паэмы "Carmen de statura feritate ac venatione Bisontis" ("Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго"). Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту Гусоўскага твор ператварыўся ў песню сэрца паэта, гімн Радзіме.
Выстава адкрыецца 13 красавіка ў 17.00 у галерэі "Атрыум" (3-і паверх) і будзе прадстаўлена да 27 чэрвеня 2023 года.