7 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Выстаўка работ студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а таксама карцін вядомых беларускіх мастакоў з калекцыі жывапісу Пріорбанка адкрылася ў Аўстрыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве нашай краіны ў Вене.
Экспазіцыя праходзіць у Гумпальдскірхене федэральнай зямлі Ніжняя Аўстрыя пры падтрымцы мэрыі гэтага горада і беларускай дыпламатычнай місіі ў Аўстрыі. У адкрыцці выстаўкі прынялі ўдзел намеснік бургамістра Гумпальдскірхена Ёрген Фёрынгер, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі Валерый Варанецкі, рэктар БДАМ Міхаіл Баразна, пасол Аўстрыі ў Расіі і ў Беларусі па сумяшчальніцтве Эміль Бікс, старшыня праўлення "Пріорбанк" ААТ, ганаровы консул Аўстрыі ў Мінску Сяргей Касцючэнка. Мерапрыемства наведалі прадстаўнікі знешнепалітычнага ведамства Аўстрыі і акрэдытаванага ў Вене дыпкорпуса, аўстрыйскіх грамадскіх і дзелавых колаў, журналісты.
З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся Валерый Варанецкі, які падкрэсліў важнасць развіцця беларуска-аўстрыйскіх культурных сувязей як неад'емнага элемента нарошчвання двухбаковага супрацоўніцтва.
У час знаходжання ў Аўстрыі рэктара БДАМ арганізавана яго сустрэча з намеснікам дырэктара венскага Інстытута кансервавання і рэстаўрацыі прадметаў мастацтва. Бакі абмеркавалі перспектывы развіцця супрацоўніцтва, уключаючы абмен студэнтамі, і дасягнулі дамоўленасцей аб рэалізацыі сумесных праектаў.