13 жніўня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Выстаўка старадаўніх люстэркаў з вобразнай назвай "Гаворачае праўду шкло" адкрыецца сёння ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гісторыка-культурнай установе.
У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за дваццаць насценных, настольных, туалетных люстэркаў канца XIX - пачатку XX стагоддзя са збору музея і прыватнай калекцыі Сяргея Пуціліна. "Кожнае з іх знаходзілася ў нейкім доме, цярпліва адлюстроўваючы, але не затрымліваючы ўсё, што адбывалася перад яго "вачамі", - расказалі арганізатары выстаўкі.
Акрамя таго, на адкрыцці выстаўкі адбудзецца прэзентацыя адноўленага рэстаўратарамі музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля насценнага люстэрка, аформленага ў рэнесансна-барочнай стылістыцы. Як падкрэслілі ў музеі, пасля рэстаўрацыі ўдалося прадставіць гэты артэфакт у найбольш набліжаным да першапачатковага выглядзе.