5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка фатаграфій Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча "Спадчына Беларусі. Адноўленыя архітэктурныя каштоўнасці" адкрылася ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра культуры Юрыя Бондара, адкрыццё выстаўкі - значная падзея, бо па архітэктуры заўсёды можна меркаваць аб развіцці нацыі. Паглядзеўшы на прадстаўленыя фатаграфіі, замежныя госці змогуць даведацца пра багацце беларускай гісторыі.
У экспазіцыі прадстаўлены здымкі выдатных мясцін з усіх рэгіёнаў Беларусі. Як адзначыў адзін з аўтараў выстаўкі Алег Лукашэвіч, помнікі архітэктуры паказваюць, які вялікі крок зрабіла краіна за гады сваёй незалежнасці. "Тут, на выстаўцы, прадстаўлена толькі крупінка таго, што ўдалося абнавіць. У якім стане яшчэ 15 гадоў таму былі Мірскі замак, Нясвіжскі? А Цяпер гэта здабытак краіны", - сказаў ён.
Аўтары супрацоўнічалі з буйнейшымі музеямі Беларусі, навуковай супольнасцю. "Мы выбіралі аб'екты так, каб яны былі цікавыя і нацыянальнаму, і замежнаму гледачу", - растлумачыў Аляксандр Аляксееў.
На выстаўцы гледачы таксама маглі азнаёміцца з 18-м перавыданеннем кнігі-альбома Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча "Спадчына Беларусі", выпуск якога быў пачаты ў 2004 годзе. Было выдадзена 46500 экзэмпляраў на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.
У 2005 годзе за альбом "Спадчына Беларусі" Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч былі ўдастоены прэміі "За духоўнае адраджэнне".