9 чэрвеня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі 10 чэрвеня адкрыецца выстаўка "France 20…XVI", прысвечаная гісторыі і культуры Францыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце ўстановы культуры Таццяна Няклюдава.
У выставачнай зале музея рэканструююць інтэр'ер кватэры Парыжа 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя. Французскі каларыт створаць з дапамогай вінтажнай мэблі, карцін, кніг, аксесуараў. Усяго ж у экспазіцыі прадставяць больш за 130 прадметаў, сярод якіх эксклюзіўныя творы мастацтва, зброя, грошы. Самы старадаўні прадмет выстаўкі - наканечнік кап'я XVII стагоддзя, самы арыгінальны - ордэн Ганаровага легіёна (вышэйшая ўзнагарода Францыі). Большасць экспанатаў былі затрыманы на граніцы і перададзены на захоўванне ў фонды музея Брэсцкай мытняй.
Асаблівае месца ў выстаўцы адведзена футбольнай тэматыцы. Усе прадметы супрацоўнікі краязнаўчага музея падбіралі сумесна з ганаровым консульствам Францыі ў Брэсце. Экспазіцыя нездарма адкрываецца ў дзень старту чэмпіянату Еўропы па футболе, які пройдзе ў 10 французскіх гарадах. Футбольны камплект наблізіць жыхароў Брэста і яго гасцей да падзей кантынентальнага першынства. Наведвальнікі ўбачаць форму нацыянальнай зборнай гаспадыні Еўра-2016, афіцыйны мяч і талісманы чэмпіянату, футбольную атрыбутыку, сімвалы Французскай Рэспублікі.
"Фонды краязнаўчага музея дзясяткі гадоў папаўняліся ўнікальнымі прадметамі, звязанымі з гісторыяй і культурай Францыі. У Год культуры мы вырашылі паказаць багатую спадчыну Французскай Рэспублікі, каб прыцягнуць увагу да яе культуры, беларуска-французскіх адносін", - падкрэсліла Таццяна Няклюдава.
Азнаёміцца з выстаўкай "France 20…XVI" у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі можна будзе на працягу ўсяго лета.