6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА. Выстаўка "Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг. з прыватнага архіва Ігара Мельнікава", якая пачне працаваць 7 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, адкрывае новыя падрабязнасці гісторыі. Такое меркаванне выказаў журналістам на прэзентацыі дырэктар гістарычнага музея Алег Рыжкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння дзякуючы супрацоўніцтву пасольства Польшчы і беларускіх вучоных мы даведаемся штосьці новае, здавалася б, у вывучанай гісторыі Другой сусветнай вайны. Экспазіцыя прадастаўляе магчымасць зблізіцца двум народам - польскаму і беларускаму, паколькі нашы дзяды разам змагаліся з фашызмам", - адзначыў дырэктар музея. Арганізацыя такіх гістарычных выставак дае магчымасць вывучыць невядомыя старонкі ў гісторыі, дзякуючы такім праектам выхоўваюцца патрыятызм і самасвядомасць, дадаў Алег Рыжкоў.
Аўтар выстаўкі, кандыдат гістарычных навук і даследчык Ігар Мельнікаў падзяліўся сваімі адкрыццямі: "Нашы землякі змагаліся з нацызмам з першага дня Другой сусветнай вайны, аб чым ведаюць не ўсе. Напрыклад, беларусы ўваходзілі ў склад 20-й дывізіі пяхоты Войска Польскага, дзе змагаліся за польскія землі. Вядома і тое, што беларусы змагаліся плячо ў плячо з палякамі ў бітве за Брытанію". Даведацца на выстаўцы можна яшчэ аб многіх фактах. "Галоўнае, каб у нашых сэрцах была гордасць за сваіх суайчыннікаў, і імі ганарылася ўсё грамадства, асабліва моладзь", - лічыць Ігар Мельнікаў.
У верасні 1939 года ў радах польскага войска служылі 70 тыс. беларусаў. "І салдаты з Заходняй Беларусі сталі плячо ў плячо з палякамі, да апошняй кроплі крыві аказваючы супраціўленне агрэсарам. Яны не рабілі размежавання, за якую менавіта Радзіму змагаюцца, а змагаліся разам з намі супраць гітлераўскай Германіі", - расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.
На выстаўцы можна шмат давецца аб удзеле беларусаў у складзе Войска Польскага ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў на розных франтах Другой сусветнай вайны, аб подзвігах беларусаў, аб дзейнасці спецыяльнай аператыўнай групоўкі "Палессе" і Пінскай рачной флатыліі Ваенна-марскога флоту Польшчы.Таксама экспазіцыя прапануе мноства ўнікальных фатаграфій і прадметаў таго часу.
Выстаўка арганізавана пасольствам Польшчы ў Беларусі.