1 чэрвеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Віцебск 1 чэрвеня далучаецца да міжнароднага фестывалю кароткаметражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile, паведамілі БЕЛТА віцебскія арганізатары СРМ.
Яшчэ ў красавіку фестывальная праграма была паказана ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Баранавічах, Мазыры, Салігорску. І, нарэшце, дабралася да Віцебска, дзе на працягу тыдня любы жадаючы зможа акунуцца ў цудоўны свет кароткаметражнага кіно ў кампаніі сяброў на арт-базе vitebsk4me (вул. Кастрычніцкая,13).
Уся цяперашняя праграма прадстаўлена 110 фільмамі з 17 краін-удзельніц, у тым ліку Іспаніі, Францыі, Індыі, Даніі, Нарвегіі. Пачнецца ўсё з паказаў рэгіянальнай секцыі, затым запланаваны два дні ігравога кіно, дзень конкурснай дакументальнай праграмы, анімацыі, беларускай конкурснай і пазаконкурснай праграм. А завершыцца фестываль у Віцебску 7 чэрвеня эксперыментальнымі фільмамі, якія арганізатары абазначылі як дзен-трэш.
Штогадовы міжнародны кінафестываль Cinema Perpetuum Mobile быў заснаваны ў 2011 годзе беларускай супольнасцю энтузіястаў-кінаманаў "Kinaklub.org". Гэта сацыяльны праект, у якім могуць удзельнічаць усе жадаючыя і які накіраваны на развіццё незалежнага аўтарскага кінематографа, развіццё беларускага кіно, а таксама стварэнне пляцоўкі для дыялогу паміж кінасупольнасцямі і кінааматарамі па ўсім свеце.