12 лістапада, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Віцебскі абласны краязнаўчы музей у час святкавання свайго 100-годдзя пакажа наведвальнікам косць маманта, рэдкі фарфор і карціны Юдаля Пэна, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Глеб Савіцкі.
Святочныя мерапрыемствы праходзяць з 12 па 16 лістапада, у тым ліку ў філіялах музея. У Мастацкім музеі 14 лістапада адкрыецца выстава "Рэстаўрацыйная майстэрня". Госці змогуць убачыць творы жывапісу з фондаў музея, якія прайшлі рэстаўрацыю ва ўстанове. Сярод іх работы Юдаля Пэна "Цыган", "Дама ў крэсле", эскіз да карціны "Хлеб" Таццяны Яблонскай, а таксама невядомых аўтараў - "Партрэт папскага прэлата", абраз "Адзігітрыя". У Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання 15 лістапада пачне работу выстава "Векавая калекцыя". У яе экспазіцыі вышыўка і фарфор з прыватнай калекцыі першага дырэктара Віцебскага краязнаўчага музея Антона Брадоўскага. Ён сам вышываў, прадстаўленыя работы створаны ў пачатку ХХ стагоддзя.
Адной з найбольш цікавых выстаў стане "100 рарытэтаў да 100-годдзя музея". "Яна пакажа самыя знакавыя прадметы, якія захоўваюцца ў нашых фондах. Пачынаючы ад берасцяной граматы, якая датуецца канцом XIII стагоддзя, косці маманта да работ Юдаля Пэна. Таксама будуць прадстаўлены найбольш рэдкія прадметы археалогіі і нумізматыкі, унікальная "Кніга прывілеяў Віцебска". Завершыцца святкаванне векавога юбілею ўрачыстым канцэртам у Віцебскім музычным каледжы імя І. Салярцінскага", - адзначыў Глеб Савіцкі.
Акрамя таго, на працягу тыдня адбудуцца прэзентацыі буклетаў, якія раскажуць аб Мастацкім музеі, Музеі гісторыі прыватнага калекцыяніравання і музеі-сядзібе І. Я. Рэпіна "Здраўнёва", гісторыі іх стварэння.
Віцебскі абласны краязнаўчы музей створаны 12 лістапада 1918 года, ён адзін са старэйшых у Беларусі. Першым дырэктарам стаў Антон Брадоўскі. Акрамя яго ўласнай калекцыі ў фонды паступіла значная частка калекцый краязнаўца, калекцыянера Вацлава Фёдаравіча, эвакуіраванага ў Віцебск Віленскага афіцэрскага таварыства, каштоўныя рукапісы. Пасля смерці віцебскага гісторыка Аляксея Сапунова ў музей перадалі яго архіў і асабістыя рэчы. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю ўстановы культуры ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тады многія прадметы бясследна зніклі.-0-