15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мельбурне прайшла жараб'ёўка адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, які стартуе 18 студзеня, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Беларуска Вікторыя Азаранка, якая займае цяпер 16-е месца ў сусветным рэйтынгу, у першым раўндзе згуляе з бельгійкай Элісан Ван Эйтванк, яна знаходзіцца на 44-й пазіцыі. Лепшая беларуская тэнісістка 11-ы раз выступіць на Аustralian Open. Яна двойчы запар выйгравала аўстралійскае першынство - у 2012 і 2013 гадах.
Акрамя Вікторыі Азаранка на кортах "Мельбурн-парка" выступяць яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. Першай саперніцай Вольгі Гаварцовай (72) будзе прадстаўніца Германіі Таццяна Марыя (75), Аляксандра Сасновіч (106) сустрэнецца з расіянкай Яўгеніяй Родзінай (90).
Першая ракетка планеты амерыканка Серэна Уільямс, якая 6 разоў станавілася лепшай на кортах Мельбурна (2003, 2005, 2007, 2009, 2010, 2015) у першым паядынку будзе сапернічаць з італьянкай Камілай Джорджы (35).
Сярод 128 удзельнікаў мужчынскага адзіночнага разраду беларусаў не будзе - Ягор Герасімаў выбыў пасля другога кваліфікацыйнага раўнда, а Уладзімір Ігнацік зачахліў ракетку пасля стартавага паядынку.
У мужчынскім парным разрадзе выступіць вопытны беларускі тэнісіст Максім Мірны, які пачаў гэты сезон з новым партнёрам Трэтам Х'юі, які прадстаўляе Філіпіны. Жараб'ёўка парных разрадаў адбудзецца 17 студзеня.
Матчы асноўнага этапу першага ў сезоне турніру серыі "Вялікага шлема" пачнуцца 18 студзеня, а завершацца 31 студзеня. Агульны прызавы фонд Australian Open-2016 складае $32 млн.