19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі запрашае да ўдзелу ў конкурсе "Навагодняя сямейная цацка", паведамілі БЕЛТА ў тэатры.
Конкурс праходзіць па праекце "Вялікі тэатр - дзецям". У журы ўвайшлі вядомыя беларускія мастакі, дызайнеры, мадэльеры, якія і вызначаць пераможцаў. "Памятайце, што ваша цацка таксама павінна быць тэатральнай, а значыць, мець дачыненне да жыцця артыстаў, музыкантаў, танцавальных і музычных нумароў, спектакляў і г.д. Фантазіруйце, стварайце, малюйце! Самыя арыгінальныя дзіцячыя ёлачныя цацкі ўпрыгожаць святочную ёлку ў Вялікім тэатры Беларусі", - адзначылі ў тэатры.
Накіраваць цацкі можна да 20 снежня, а ўжо 27 снежня ў фае перад пачаткам спектакля "Чароўная музыка" адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу. Дзед Мароз і Снягурачка ўручаць падарункі аўтарам лепшых навагодніх цацак. Акрамя таго, юных гледачоў чакаюць навагоднія інтэрактыўныя гульні і конкурсы ад Нязнайкі і Васілісы Прамудрай, касцюміраванае дэфіле, флэшмоб і многае іншае.
Цацкі прымаюцца па адрасе: г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1, 7-ы пад'езд, у будныя дні з 10.00 да 18.00 (па пошце: 220029, г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1). Пры гэтым кожная цацка павінна быць падпісана (яе назва, прозвішча сям'і, кантактныя тэлефоны).
Упершыню конкурс адбыўся ў 2014 годзе, у ім прынялі ўдзел больш як 60 дзяцей.