12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вечар беларускай культуры пройдзе ў Вялікім тэатры Беларусі 13 лютага, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Перад паказам нацыянальнай оперы "Сівая легенда" гледачы змогуць стаць удзельнікамі інтэрактыву. Іх таксама чакае выстаўка традыцыйнага беларускага касцюма і майстар-класы па завязванні наміткі і слуцкіх паясоў.
Выстаўка з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Навукова-даследчага цэнтра беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі дасць магчымасць знайсці нямала агульнага з падзеямі канца XVII стагоддзя, якія апісаны ў оперы. У экспазіцыі будуць прадстаўлены традыцыйныя беларускія жаночыя касцюмы, якія маюць свае асаблівасці і ўнікальныя элементы ў розных рэгіёнах Беларусі, але пры гэтым расказваюць аб агульнай культурнай спадчыне і традыцыях беларускага народа.
Гледачоў чакаюць у тэатры ў 18.15.