12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасольства Беларусі ў Егіпце правяло ў Каіры вечар беларускага дакументальнага кіно, паведамілі БЕЛТА ў дыпламатычным прадстаўніцтве.
У вечары прынялі ўдзел прадстаўнікі егіпецкіх органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый і дыпламатычнага корпуса. На суд гледачоў былі прадстаўлены фільмы "Павел Сухой. Узлётная паласа" і "Гарады Беларусі. Гродна", якія з непадробленай цікавасцю і шчырым захапленнем успрыняты публікай.
"Сюрпрызам для многіх стала беларускае паходжанне знакамітага авіяканструктара, аднаго з заснавальнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі Паўла Сухога, - адзначылі ў пасольстве Беларусі. - Маляўнічыя віды, гістарычнае і архітэктурнае багацце старажытнага горада Гродна настолькі ўразілі гледачоў, што многія сур'ёзна цікавіліся пытаннямі, звязанымі з арганізацыяй турыстычнай паездкі ў Беларусь".
Замежныя паслы, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, акрэдытаваныя ў Егіпце, адзначылі высокі прафесійны ўзровень беларускага дакументальнага кінематографа, цікавую манеру апавядання і падачы матэрыялу, а таксама душэўную атмасферу самога мерапрыемства.
Пасольства плануе прадоўжыць знаёмства егіпецкай публікі і дыпламатычнага корпуса з беларускім дакументальным кіно ў час цыкла тэматычных паказаў.