23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве 11-12 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
У час форуму адбудуцца пасяджэнні міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, Савета дзелавога супрацоўніцтва. "Акрамя таго, будуць арганізаваны секцыйныя пасяджэнні, пройдуць Тыдзень інтэграцыі і супрацоўніцтва ў Магілёўскай вобласці, маладзёжны форум, выстаўка-кірмаш рамёстваў, турнір па хакеі з шайбай спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва і іншыя мерапрыемствы. Да форуму будзе прымеркавана таксама серыя рэгіянальных і раённых мерапрыемстваў", - праінфармавалі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.
Галоўнай падзеяй форуму стане пленарнае пасяджэнне на тэму "Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактара інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва".
Арганізатарамі форуму выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама.