17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уладзімір Самсонаў і Вікторыя Паўловіч узначаляць зборную Беларусі на чэмпіянаце свету па настольным тэнісе, які стартуе 29 мая ў нямецкім Дзюсельдорфе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Беларускай федэрацыі настольнага тэніса.
Уладзімір Самсонаў, які на працягу доўгіх гадоў з'яўляецца лідарам нацыянальнай каманды, займае цяпер 13-е месца ў сусветным рэйтынгу. У вялікай калекцыі ўзнагарод 41-гадовага беларускага майстра дзясяткі медалёў сусветных і кантынентальных пяршынстваў. Уладзімір Самсонаў удзельнічаў у шасці Алімпіядах, у 2016 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра ён аказаўся за крок ад алімпійскага п'едэстала, заняўшы 4-е месца. Беларускі майстар карыстаецца заслужанай павагай сярод калег з усіх каманд. Нават фаварыты сусветнага чэмпіянату - кітайцы лічаць Самсонава адным са сваіх галоўных канкурэнтаў. На сусветным першынстве ў кітайскім Сучжоу-2015 Уладзімір дабраўся да 1/8 фіналу, уступіўшы дарогу ў чвэрцьфінал кітайскаму спартсмену Чжан Цзікэ, які ў выніку стаў уладальнікам бронзы. Два гады таму кітайскія спартсмены на дамашнім сусветным першынстве заваявалі 5 узнагарод вышэйшай пробы і сталі чэмпіёнамі ва ўсіх відах праграмы.
Акрамя Уладзіміра Самсонава на маючым адбыцца чэмпіянаце планеты ў мужчынскай частцы спаборніцтваў за беларусаў згуляюць Павел Платонаў (165-ы нумар сусветнага рэйтынгу), Аляксандр Ханін (236) і Глеб Шамрук (357).
Лідар жаночай зборнай Вікторыя Паўловіч, у скарбонцы якой таксама нямала трафеяў буйнейшых міжнародных турніраў, знаходзіцца на 58-й пазіцыі ў сусветным рэйтынг-лісце. Разам з ёй у Дзюсельдорфе выступяць яшчэ тры беларускі: Дар'я Трыгалас (155), Аліна Арлоўская (157) і Надзея Багданава (278).
Заключны этап падрыхтоўкі да чэмпіянату свету зборная Беларусі правядзе з 21 па 27 мая ў Раўбічах, пасля чаго адправіцца ў Дзюсельдорф. Там беларускія майстры малой ракеткі будуць змагацца за ўзнагароды ва ўсіх пяці відах спаборніцкай праграмы: адзіночным разрадзе ў мужчын і жанчын, жаночым і мужчынскім парным разрадах, змешаным парным разрадзе.
Усяго на чэмпіянаце свету па настольным тэнісе, які завершыцца 5 чэрвеня, выступяць прадстаўнікі 106 краін.