25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС можа з'явіцца біясферны запаведнік. Такая інфармацыя была агучана ў эфіры тэлеканала АНТ.
Чарнобыльская зона - гэта ўнікальны прыродны фонд. Месцы, пакінутыя чалавекам, засялілі рэдкія віды дзікіх жывёл. Цяпер ідзе размова аб стварэнні на гэтай тэрыторыі біясфернага запаведніка па прыкладзе Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў Беларусі, паведамілі ў эфіры тэлеканала.
На думку вучоных, зона адчужэння павінна заставацца ўнікальным палігонам для вывучэння ўздзеяння радыяцыі. У першую чаргу гэта датычыцца 10-кіламетровага перыметра вакол станцыі, дзе выпалі доўгажывучыя радыенукліды плутонію, перыяды распаду якіх складаюць дзясяткі і сотні тысяч гадоў. Пры гэтым тэрыторыя ўсёй зоны адчужэння забруджана нераўнамерна. З'явіліся адносна чыстыя ўчасткі. І тут украінскія вучоныя спасылаюцца на паспяховы вопыт Беларусі, дзе радыяцыйны маніторынг зямель вядзецца бесперапынна. На аснове навуковых разлікаў прымаюцца рашэнні аб вяртанні пэўных тэрыторый у абмежаваны гаспадарчы абарот.
У эфіры таксама было агучана, што цяпер на будаўнічай пляцоўцы каля ЧАЭС завяршаецца работа над новым ахоўным збудаваннем - канфайнментам. У лістападзе бягучага года збудаванне ў выглядзе металічнай аркі накрые разбураны рэактар. Такі панцыр будзе ахоўваць ад выпрамянення і выкідаў радыеактыўнага пылу ў бліжэйшыя 100 гадоў.
Акрамя таго, спецыялісты Беларусі і Украіны працуюць над сумесным праектам па папярэджанні і тушэнні лясных пажараў на забруджанай тэрыторыі.