25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У XХII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМІ ў Беларусі", якая адбудзецца 3-5 мая, прымуць удзел 50 экспанентаў. Аб гэтым паведаміла журналістам начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Таццяна Хмель, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аб сваім удзеле ў выстаўцы заявілі 50 экспанентаў, якія прадставяць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Экспазіцыйная плошча выстаўкі складзе 1 тыс. кв.м. Экспанентамі стануць таксама пасольства КНР і пасольства Турцыі. Удзельнікамі стануць СМІ Кастрамской вобласці, Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.
Адкрыццё XХII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі" адбудзецца 3 мая, а вечарам гэтага ж дня пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XIV Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара".
Новаўвядзенне цяперашняй выстаўкі СМІ - Дзень рэгіянальнай прэсы, ён пройдзе 4 мая. Рэгіянальная прэса адыгрывае ў інфармацыйнай прасторы важную ролю, а чытач патрабавальны да рэгіянальнай прэсы, адзначыла Таццяна Хмель.
Выстаўка "СМІ ў Беларусі" прапануе насычаную праграму мерапрыемстваў, у тым ліку будуць арганізаваны сумесныя праекты СМІ. Сярод найбольш цікавых - круглы стол, прысвечаны Году малой радзімы ў Беларусі, які арганізуюць РВУ "Выдавецкі дом "Звязда" сумесна з "Настаўніцкай газетай".
У дні работы выстаўкі пройдуць прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.
Асаблівасцю цяперашняй выстаўкі стане дзіцячая пляцоўка, найбольшая колькасць мерапрыемстваў для дзяцей пройдзе 5 мая. Гэты дзень аб'яўлены на выстаўцы Днём дзяцей і моладзі.
XХII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" пройдзе ў выставачным комплексе па адрасе пр. Пераможцаў, 14.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП "Нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа", іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.