25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Вялікім тэатры Беларусі стартаваў сямейны конкурс "Навагодняя тэатральная цацка", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на тэлеграм-канал Міністэрства культуры.
Каб прыняць удзел, трэба да 12 снежня (уключна) прынесці ў Вялікі тэатр звязаныя са светам тэатра і музыкі цацкі, створаныя ўсёй сям'ёй.
Узнагароджванне пераможцаў адбудзецца традыцыйна пад Новы год - 26 снежня ў 17:00 перад пачаткам спектакля "Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)". У перадсвяточнай атмасферы Дзед Мароз і Снягурачка ўручаць пераможцам і ўдзельнікам падарункі, заахвочвальныя прызы і дыпломы. Юных гледачоў чакаюць навагоднія інтэрактыўныя гульні і конкурсы.
Свае работы можна прынесці непасрэдна ў тэатр або прыслаць па пошце. На цацках павінна быць пазначана назва работы, а таксама імёны і прозвішчы ўсіх стваральнікаў.