2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў ініцыявала ў сацыяльных сетках акцыю да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамляе БЕЛТА.
"У Вялікай Айчыннай вайне Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. У год 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў давайце аддадзім даніну памяці подзвігу нашага народа. Дзяліцеся гісторыямі сваіх сямейных герояў пад хэштэгам #BY75", - такое паведамленне размешчана ў афіцыйным twitter-акаўнце МЗС, а таксама на старонцы Facebook.
Да ініцыятывы ўжо далучыліся дыпламатычныя місіі Беларусі за мяжой. Яны публікуюць фатаграфіі і інфармацыю аб мерапрыемствах, прысвечаных памятным датам і падзеям Другой сусветнай вайны.
Многія з паведамленняў з хэштэгам #BY75 звязаны з тэмай народнага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бо ў акупіраванай фашыстамі Беларусі быў разгорнуты буйнейшы ў Еўропе партызанскі рух (звыш 374 тыс. партызан). Асабістымі і архіўнымі матэрыяламі аб гэтым і прапануецца падзяліцца ў сацыяльных сетках у час акцыі.-0-