25 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Іерусаліме ў садзе Праведнікаў народаў свету на сцяне памяці, прысвечанай Беларусі, урачыста адкрыта мемарыяльная таблічка з імёнамі Алены Варотчык і Ефрасінні Гранко, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Гэта падзея адбылася ў музеі халакосту "Яд Вашэм" у час цырымоніі ўручэння памятнага медаля і граматы сваякам Алены Варотчык і яе маці Ефрасінні Гранко, жыхарак Барысава. У 2012 годзе абедзвюм беларускім жанчынам было прысвоена ганаровае званне Праведнік народаў свету, якога яны ўдастоіліся за выратаванне ў гады Вялікай Айчыннай вайны жыцця яўрэя Якава Мейлехса.
На мерапрыемстве прысутнічалі родныя і блізкія праведніц, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў, кіраўніцтва ізраільскага музея і прадстаўнікі мясцовай грамадскасці. У сваім выступленні пасол Беларусі адзначыў важнасць і актуальнасць дзеянняў, накіраваных на захаванне праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Ён падкрэсліў значэнне подзвігу людзей, якія ўдзельнічалі ў выратаванні жыццяў, рызыкуючы сваім жыццём. Завяршылася афіцыйная цырымонія ў садзе Праведнікаў народаў свету, дзе на Сцяне памяці і была ўрачыста адкрыта мемарыяльная таблічка з імёнамі дзвюх беларускіх жанчын.