9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава "Мова ваеннай ілюстрацыі", прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Выстава падрыхтавана ў ходзе штогадовага выставачнага праекта НББ "Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі". Як расказала загадчыца сектара мастацкіх выстаў Нацыянальнай бібліятэкі Вікторыя Харытонава, выстава прысвечана мове ваеннай ілюстрацыі. "Мы пастараліся стварыць малюнак ваеннага часу, таму ў экспазіцыі шмат агітацыйных і сатырычных плакатаў 1940-х гадоў і пазней, а таксама прысутнічаюць кніжныя ілюстрацыі твораў ваеннай тэматыкі і нямала лінагравюр 1960-1980-х гадоў, якія малююць героя-пераможца. Прысутнічаюць замалёўкі як партызанскія, так і франтавыя. А таксама скульптуры беларускіх аўтараў", - расказала яна.
Вікторыя Харытонава таксама адзначыла, што на выставе экспануюцца работы, выкананыя тушшу і пяром, метадам лінагравюры і літаграфіі, а таксама акварэльныя творы.
Асаблівае месца ў экспазіцыі занялі арыгіналы беларускіх рукапісных кніг, часопісаў партызанскіх атрадаў і брыгад, дзённікі і запісы з іх. Выстава рыхтавалася сумесна з Беларускім саюзам мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальным архівам. А таксама пры садзейнічанні Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі.
Старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Іван Арцімовіч падзяліўся, што выстава дазваляе ўбачыць успрыманне вайны яе сведкамі. "Гэта іх погляд, сумленная ілюстрацыя, няхай нават пераасэнсаваная па-мастацку, праз вобразы і асацыятыўны рад. Але гэта адлюстраванне эмоцый, пачуццяў сапраўдных сведак, удзельнікаў гэтых падзей. А мы, сённяшняе пакаленне, падзяляем іх боль і нясём адказнасць за захаванне памяці", - сказаў ён.